1

Залессе і Міхал Клеафас Агінскі



Упершыню мястэчка Залессе ўзгадваецца ў канцы 15 стагоддзя як невялікі прыватны фальварак, але  з 18 стагоддзя яно становіцца ўласнасцю вядомага беларускага магнацкага роду Агінскіх.
     Спачатку Залессем валодаў Віцебскі ваявода Марціян Міхал Агінскі, а пазней – яго жонка і дзеці. У першай палове 18 стагоддзя тут быў збудаваны палацава-паркавы ансамбль у стылі барока.
     Старая сядзіба Агінскіх размяшчалася ў глыбіні шырокага французскага парку. Сядзібны дом быў драўляны і квадратны ў плане, сцены былі драўляныя, атынкаваныя і пабеленыя. Арыгінальны выгляд будынку надавалі восем бакавых алькежэй – па два на кожным фасадзе. Цэнтр галоўнага фасада быў выдзелены невялікім рызалітам з параднай двухпралётнай лесвіцай. Сядзібны дом вылучаўся вялікай бальнай залай, хатняй капліцай з  прыгожым разьбяным алтаром. Паміж сядзібай і невялікім возерам знаходзіліся розныя гаспадарчыя пабудовы, але да нашага часу гэты ансамбль не захаваўся і на яго месцы знаходзіцца калгаснае поле.
     У пачатку 19 стагоддзя Залесская сядзіба была звычайным шляхецкім маёнткам і  яго гаспадаром быў былы кухмайстар літоўскі - граф Францішак Ксаверы Агінскі. Не маючы ўласных дзяцей, сваім спадчыннікам ён абраў пляменніка Міхала Клеафаса.
     Вельмі складаны лёс быў у Міхала Клеафаса, але пра гэта крыху пазьней, зараз праскочым праз некаторыя віхуры ягонага жыцця да пераезду ў Залессе, дзе ён і стаўся як вялікі кампазітар.
     У 1802 годзе ў Гародні ён прынёс прысягу на службу Аляксандру ІІ і атрымаў дазвол пасяліцца ў Беларусі. У сувязі з гэтым, Францішак Агінскі падарыў пляменніку фальварак Залессе, а сам пераехаў ва ўласны палац у Маладзечна. Новы гаспадар запрасіў вядомага віленскага архітэктара Міхала Шульца і пачаў перабудову. Парк быў разбіты на дакладныя геаметрычныя часткі і засаджаны садовымі дрэвамі. Дарогі якія вялі да палаца былі абсаджаны  прыгожымі піхтамі.

     Побач са старым палацам быў пабудаваны новы, мураваны палац, які можна зараз пабачыць. Непадалёку будуецца двухпавярховы мураваны млын, 

 аднапавярховыя будынкі аранжарэй і цяпліц, і невялікая капліца. Побач з паркам знаходзіліся два звярынцы, дзе ўтрымліваліся дзікія жывёлы. Было мноства разнастайных кветак, што раслі на клумбах у розных месцах сядзібы. Для адпачынку былі зроблены дзве альтанкі. Адна мураваная, паўкруглая стаяла на пагорку, другая кітайская, круглая з драўлянай галерэяй, якая дазваляла назіраць за дзікімі жывёламі ў звярынцы.

Першапачаткова планавалася, што палац будзе мець семітрычную кампазіцыю, але па жаданні Міхала Агінскага збоку да будынка прыбудавалі выцягнутую аранжарэю ў выглядзе аркады з вялікімі аркавымі вокнамі. Пазней да яе, перпендыкулярна, дабудавалі яшчэ адну  - “амерыканскую”, якая з сонечнага бокау была цалкам зашклёная. Памеры новага палаца былі вялікімі – 160 на 50 метраў.
     Планоўка будынка мела традыцыйную анфіладную сістэму. Праз парадны ўваход наведвальнік трапляў у прасторны вестыбюль з арнаментальнымі фрэскавымі размалёўкамі, адкуль праз адкрытыя дзверы адкрываўся від на музычны салон, ружовую гасціную, більярдавую, сталовую і іншыя памяшканні. На другі паверх вялі каваныя вітыя лесвіцы. Там размяшчаліся жылыя пакоі, бібліятэка з міладычным венскім раялем аздобленая панэлямі з чырвонага дрэва і шматлікімі шафамі з кнігамі.


     Залескі перыяд творчасці Агінскага багаты і разнастайны. Акрамя знакамітага паланэзу “Развітанне з Радзімай”, прэм’ера якога як раз тут і адбылася, былі створаны разнастайныя фартэпіянныя п’есы, мазуркі, менуэты, рамансы і вальсы. У 1822 годзе Міхал Клеафас Агінскі назаўжды пакідае  Залессе і пераязджае ў Італію. Гэты крок быў выкліканы яго разчараваннем у магчымасці стварэння аўтаномнага Вялікага герцагства Літоўскага і пачаткам русіфікацыі Беларусі. Вынікам гэтага стаў паступовы заняпад маёнтка, які хутка страціў сваё культурна-асветніцкае значэнне, бо яго дзеці і ўнукі пераехалі ў заходнюю Літву, куды і перамясцілася галоўная рэзідэнцыя старажытнага роду.
Значныя страты сядзібе прынесла Першая сусветная вайна. Недалёка ад маёнтка праходзіла лінія фронту, і Залессе акупаванае немцамі, не раз падвяргалася артылерыйскім абстрэлам, якія цалкам знішчылі барочны комплекс 18 стагоддзя і сур’ёзна пашкодзілі парк.



     Пасля Рыжскай дамовы 1921 года Залессе трапіла ў склад адноўленай польскай дзяржавы, і фальварак да 1927 года належаў нашчадкам Агінскага. Потым сядзібу набылі новыя гаспадары Жаброўскія. Яны зрабілі рамонт палаца і спрабавалі ўшанаваць памяць Агінскага. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў палаца знаходзіўся нямецкі штаб, а ў памяшканні былой аранжарэі дзейнічала пачатковая школа. У 1953 годзе палац і парк узялі пад ахову дзяржавы. Пазней ў памяшканнях палаца знаходзіўся дом састарэлых.
     У 80-х гадах у гэтым комплексе размясцілі спецыялізаваную навучальную ўстанову з мастацка-музычным ухілам. З 1989 года ў Залессі з’явілася традыцыя – адзначаць дзень нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. У 1996 годзе сядзібу перадалі Міністэрству культуры.
Дарэчы, у Менску ў гонар нашага славутага суайчынніка, побач з былым Кафедральным саборам Святога Духу на плошчы Свабоды ўсталявалі музычную лаўку, дзе з дапамогай навушнікаў можна пачуць паланэз “Развітанне з Радзімай"



Крыніцы:
Трусаў Алег. Сядзіба Агінскіх у Залессі // НАША СЛОВА №42 (1245), 21кастрычніка 2015г.

Панядзелак, 23 кастрычніка 2017 г.

Комментариев нет:

Отправить комментарий